Беларусь у ХХ стагоддзi


2002 Вып.1

2003 Вып.2

2004 Вып.3

счетчик посещений html counter wildmatch.com

Эмануiл IОФЕ (Мiнск)

Яўрэйскiя бежанцы з Польшчы на тэрыторыi Беларусi ў 1939-1941 гг.

23 жнiўня 1939 года СССР i Германiя падпicалi дагавор аб ненападзе, якi на Захадзе назвалi пактам «Молатава-Рыбентропа». Падпiсанне савецка-германскага пакта аб ненападзе i пазiцыя «нейтралiтэта», занятая СССР у вайне памiж «iмперыялiстычнымi дзяржавамi», суправаджалiся поўным спыненнем крытыкi нацызму ў савецкiх сродках масавай iнфармацыi. Напярэдаднi падпiсання пакта адбылася замена М.Лiтвiнава В.Молатавым на пасадзе наркама замежных спраў СССР i чыстка апарата гэтага Наркамата ад яўрэяў.

Палiтыка iдэйнага прымiрэнства ў адносiнах да гiтлерызму стварала спрыяльныя ўмовы для развiцця антысемiтызму. Хоць у 1939-1941 гг. яўных праяўленняў антысемiтызму ў СССР не было, палiтыка ўлад характарызавалася своеасаблiвым «асемiтызмам»: поўным iгнараваннем усяго, што датычылася становiшча яурэяў. У гэты перыяд пачалося замоўчванне палiтыкi знiшчэння яўрэяў, якое стала характарызаваць савецкую прапаганду ў гады Вялiкай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў.

За выключэннем невялiкай групы асоб з акружэння Сталiна i Гiтлера, тады яшчэ нiхто не ведаў, што да пакта «Молатава-Рыбентропа» прыкладаўся сакрэтны пратакол.

У пункце другiм гэтага пратаколу адзначалася:

«У выпадку тэрытарыяльна-палiтычнай перабудовы абласцей, якiя ўваходзяць у склад Польскай дзяржавы, гранiца сфер iнтарэсаў Германii i СССР будзе прыблiзна праходзiць па линii рэк Нарэў, Вiсла i Сан».

Тады ж i ў наступны перыяд была дасягнута дамоўленасць аб узаемным перасяленнi з СССР асоб нямецкай нацыянальнасцi i з тэрыторыi Германii асоб украiнскай, беларускай i лiтоўскай нацянальнасцяў.

Непасрэдным вынiкам савецка-германскага пагаднення быў чацверты падзел Польшчы i далучэнне да СССР вялiзных тэрыторый Заходняй Украiны i Заходняй Беларусi з iх шматлiкiм яўрэйскiм насельнiцтвам.

У першыя тыднi пасля 17 верасня 1939 года, калi Чырвоная Армiя ўступiла у Заходнюю Беларусь, савецкiя войскi, як правiла, не перашкаджалi пераходу яўрэйскiх бежанцаў на савецкi бок. Але ў канцы кастрычнiка 1939 года гранiца была закрыта. У многiх мястэчках i весках каля гранiцы сталi праводзiць аблавы ў пошуках людзей, якiя змаглi перабрацца на савецкi бок. Злоўленых адсылалi назад у «вобласць дзяржаўных iнтарэсаў Германii», як стала называцца Заходняя Польшча на савецкiх картах. Па яўрэйскiм бежанцам, якiя iмкнулiся перайсцi мяжу на савецкi бок, савецкiя пагранiчнiкi адкрывалi агонь, а немцы стралялi па тым, хто спрабаваў вярнуцца [1]. Такiм чынам, яурэйскiя бежанцы з Польшчы ў Беларусь аказалiся пад «двайным агнем» — з боку СССР i Германii.

На «нiчыйнай зямлi» (невялiкай нейтральнай тэрыторыi —Э.I.) аказалiся тысячы бежанцаў, многiя з якiх загiнулi ад холаду, голаду i знясiлення. Пазней для бежанцаў час ад часу адкрывалi савецкую гранiцу, але затым зноў закрывалi, а бежанцаў, якiм усе ж удавалася «нелегальна» перайсцi мяжу, выдваралi на нямецкi бок або адпраўлялi ў месцы заключэння ў Савецкiм Саюзе.

20 верасня 1939 года галоўнае камандаванне вермахта выдала загад аб недапушчэннi яўрэяў-бежанцау назад на тэрыторыю, акупiраваную германскiмi вайскамi. Аднак гэта рашэнне выклiкала процiдзеянне з савецкага боку.

У сярэдзiне кастрычнiка 1939 года была створана савецка-германская змешаная камiсiя па перасяленню. З нямецкага боку яе ўзначальваў саветнiк пасольства Германii у СССР Ф.Твардоўскi, з савецкай — былы наркам замежных спраў СССР М.М.Лiтвiнаў.

Пастановай ЦК КП(б) Беларусi ад 14 кастрычнiка 1939 года пры СНК БССР была створана камiсiя па працаўладкаванню i размяшчэнню бежанцаў у складзе Горына (старшыня камiсii), Рашэтнiкава i Iванова [2].

Ужо 17 кастрычнiка 1939 года кiраўнiк нямецкай камiсii па перасяленню Ф.Твардоўскi дакладаў у Берлiн аб пазiцыi прадстаўнiкоў савецкай камiсii, якiя заявiлi, што яны «зацiкаўлены ў перасяленнi толькi ўкраiнскага i беларускага пралетарыяту i шырокiх мас, а не багацеяў i яўрэяў» [3].

Першае пасяджэнне савецка-германскай змешанай камiсii па перасяленню адбылося 21 кастрычнiка 1939 года ў Маскве. На iм член савецкай камiсii — намеснiк наркама унутраных спраў СССР I.I.Масленнiкаў заявiў, што Савецкаму Саюзу «не патрэбны заможныя перасяленцы — беларусы i ўкраiнцы, а толькi пралетарыят i шырокiя народныя масы». Немцы зрабiлi таксама выснову, што савецкая дэлегацыя «не цiкавiцца лесам яўрэяў» [4].

16 лiстапада 1939 года было падпiсана германа-савецкае пагадненне, згодна з якiм праводзiлася перасяленне ў Германiю жыхароў нямецкага паходжання з занятай савецкiмi часцямi тэрыторыi Польшчы, а у СССР — украiнскага i беларускага насельнiцтва «генерал-губернатарства». У тэксце пагаднення гаварылася аб эвакуацыi (з захаду на ўсход) «грамадзян украiнскай, беларускай i румынскай нацыянальнасцей», прычым агаварвалася, што эвакуацыi падлягаюць толькi тыя асобы, у адносiнах прыняцця якiх маецца згода адпаведнага боку. Германскiя ўлады спрабавали скарыстацца гэтым пагадненнем для адпраўки на савецкi бок яўрэяў, рэгiстрыруючы iх як украiнцаў i беларусаў «iўдзейскай веры», аднак савецкiя ўлады адмаўлялiся прынiмаць гэтых яўрэяў.

Пасля таго, як дэлегацыi дзвюх краiн — Савецкага Саюза i Германii правялi дэлiмiтацыю гранiцы памiж сферамi iнтарэсаў, да сярэдзiны кастрычнiка 1939 года была праведзена яе дэмаркацыя. Такiм чынам, працягласць гранiцы памiж абедзвюма краiнамi з 1446 км вырасла да 1952-х. У вынiку Польшча была падзелена на дзве часткi: 48,6% яе тэрыторыi (189 тыс. кв.км.) i 62,9% яе насельнiцтва (2260000 чалавек) была акупiравана нямецкiмi вайскамi, а астатняя частка тэрыторыi i насельнiцтва была далучана да Савецкага Саюза.

Савецка-германскi дагавор, а, дакладней, змова двух дыктатараў, Гiтлера i Сталiна, стаў страшэннай, велiзарнай бядой для шматтысячнага яўрэйскага насельнiцтва той тэрыторыi Польшчы, якая аказалася пад пятой нацыстаў. Яго чакала самае горшае. Савецкiя ўлады, як i нямецкiя, спрабавалi проста выштурхнуць яўрэяў за дэмаркацыйную лiнiю, не даводзячы да ведама суседзяў.

Пасля паражэння Польшчы колькасць яўрэяў, якiя аказалiся ў сферы панавання нацыстаў, вырасла прыблiзна на два мiльены чалавек. 21 верасня 1939 года кiраўнiк Галоўнага ўпраўлення бяспекi Трэцяга Рэйха Рэйнгард Гейдрых выдаў загад, у якiм гаварылася:

«Трэба правесцi адрозненне памiж: 1) канчатковай мэтай, якая патрабуе большага часу; 2) стадыямi ў выкананнi канчатковай мэты. Першае патрабаванне — гэта, перш за ўсе, канцэнтрацыя яўрэяў з весак i мястэчак у вялiкiх гарадах...».

Яўрэяў трэба было выселiць з весак, дзе яны жылi разрознена, i пасялiць у вялiкiх гарадах, дзе можна было правесцi iх рэгiстрацыю. Звяртае на сябе ўвагу прызнанне Гейдрыха у тым, што канцэнтрацыя яўрэяў у гета з`яўлялася толькi падрыхтоўчым крокам да «канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання».

Пачынаючы з 21 верасня 1939 года яўрэяў з Польшчы пастаянна перасялялi з месца на месца. У канцы верасня 1939 года ўсiм яўрэям, якiя знаходзiлiся на захопленых немцамi тэрыторыях, было загадана насiць апазнавальны знак — белую або жоўтую латку з намаляванай шасцiканцовай зоркай — «шчытом Давiда».

12 снежня 1939 года ўсiх польскiх яўрэяў мужчынскага полу ва ўзросце ад 14 да 60 гадоў абавязалi выконваць прымусовыя работы. Так за некалькi месяцаў польскiя яўрэi аказалiся пад тым жа фашысцкiм рэжымам, у якiм жылi яўрэi Германii.

Хутка iх становiшча яшчэ больш пагоршылася. У канцы 1939 года было аб`яўлена, што ўсе польскiя яўрэi абавязаны перайсцi ў гета — адведзеныя для iх прымусовага пасялення кварталы.

Першае гета было створана ў кастрычнiку 1939 года ў горадзе Петракоў Трыбунальскi [5]. Але ў першыя месяцы нямецкай акупацыi Польшчы яшчэ не было ўказанняў аб iх знiшчэннi. Было iмкненне «пазбавiцца ад яўрэяў» як «непажаданых элементаў» i «сапхнуць» iх Савецкаму Саюзу.

У гады Другой сусветнай вайны генерал-палкоўнiк, а з 1940 года генерал-фельдмаршал, Вiльгельм Кейтэль быў начальнiкам штаба Вяхоўнага Галоўнакамандавання ўзброеных сiл Германii (вермахта). Вось што паведамляў германскаму Мiнiстэрству замежных спраў 5 снежня 1939 года гэты высокапастаўлены ваенны дзеяч:

«Высяленне яўрэяў на рускую тэрыторыю адбывалася не так гладка, як, вiдаць, чакалася. На справе практыка была, напрыклад, такая: у цiхiм лесе тысяча яўрэяў была высаджана на рускую гранiцу, праз 15 кiламетраў ад гэтага месца яны зноў вярталiся да гранiцы з рускiм афiцэрам, якi хацеў прымусiць нямецкага афiцэра прыняць iх назад».

Есць усе падставы меркаваць, што iснавала ўказанне Крамля, наркамата абароны СССР або самога Сталiна: не прымаць польскiх яўрэяў з нямецкiх тэрыторый, а пры першай магчымасцi — пазбаўляцца iх.

У той жа час немецкiя ўлады выдваралi яўрэяў на савецкую тэрыторыю, пагражаючы выгнаннiкам расстрэлам у выпадку iх вяртання. Толькi частцы гэтых яўрэяў удалося, пераадолеўшы супрацiўленне савецкiх пагранiчнiкаў, перайсцi на савецкую тэрыторыю, дзе многiх з iх тут жа арыштоўвалi. Выгнанне яўрэяў на савецкую тэрыторыю германскiя ўлады падводзiлi пад пагадненне аб абмене насельнiцтва памiж часткамi Польшчы, якiя адыходзiлi ў «зону дзяржаўных iнтарэсаў» Германii i СССР.

У канцы 1939 года пад зачэпкай барацьбы з шпiянажам у СССР былi выдадзены спецыяльныя пастановы аб крымiнальным праследаваннi за нелегальны пераход гранiцы i аб абавязку насельнiцтва аказаваць уладам усялякае садзеянне ў барацьбе з парушальнiкамi гранiцы.

Нямецкiя акупацыйныя ўлады, нямецкае камандаванне на былой польскай тэрыторыi пераканалася, што Сталiну i савецкiм уладам яўрэi не патрэбны. Iх перасталi перакiдваць на тэрыторыю, занятую часцямi Чырвонай Армii. Яўрэi адназначна падлягалi дэпартацыi ў гета, а адтуль — у канцлагеры смерцi.

У студзенi 1940 года кiраўнiк «генерал-губернатарства» К.Г.Франк аб`явiў, што 90 мiльенаў злотых будзе патрачана на стварэнне чатырох яўрэйскiх канцлагераў. Заданне знiшчыць яўрэяў было ўскладзена на Гейдрыха.

У Нацыянальным архiве Рэспублiкi Беларусь захоўваюцца паведамленнi бежанцаў, якiя прыбылi з былой тэрыторыi Польшчы, занятай немцамi. Прывядзем вытрымкi з гэтых паведамленняў:

«Пераход гранiц вельмi цяжкi. Немцы з цягнiкоў усiх высаджваюць, рабуюць рэчы, грошы i немiласэрна бъюць яўрэяў» (Лiст Полi Варгафтэр, г.Беласток).

«...Аб пекле, якое перажылi яўрэйскiя гарадкi ў Польшчы, ужо пэўна вядома. Можна дадаць некалькi фактаў. У апошнi час гiтлераўцы вывезлi з Калiша амаль усе яўрэйскае насельнiцтва ў закрытых вагонах у невядомым напрамку, аддзяляючы жонак ад мужоў, дзяцей ад бацькоў. Выгляд гэтых людзей жахлiвы. Гэтыя людзi асуджаны на катаваннi без усякай надзеi на легкую смерць...

Усе яўрэi ў Лодзi носяць жоўтыя нашыўкi на правым плячы. За спробу пазбегнуць гэтага пагражае смяротная кара, цяжкая турма, грашовы штраф. Хадзiць можна з васьмi гадзiн ранiцы да пяцi вечара. Часцей за ўсе перад пяццю гадзiнами ловяць яўрэяў, затрымлiваць iх на ўсю ноч у камiсарыяце, а назаўтра загадваюць цэлы дзень без ежы працаваць. Жанчын таксама бяруць на работу.

На Петрыкаўскай вулiцы (адной з галоўных вулiц Лодзi) яўрэям нельга хадзiць... Яўрэям не дазваляецца нi вырабляць, нi купляць абутак. Яўрэйскiх рабочых на фабрыках няма, а калi хто-небудзь i застаўся, яму пагражае звальненне. Лiквiдаваны народныя школы для яўрэйскiх дзяцей. З сярэднiх школ выкiнулi ўсiх яўрэйскiх вучанiц...

Працуе толькi адно кiно, i туды яўрэям хадзiць нельга. Фармальна ў пратэктараце павiнна быць лепш, але фактычна ў Варшаве яшчэ больш бяспраўя, чым усюды...

...Газеты штодзенна прыносяць бессаромныя звесткi пра ўсё новыя расстрэлы яўрэяў за адмову ад працы, за самае слабое слова пратэсту...» (Лiст Полi Кварта, былой палiтзняволенай у турме Фардон ад 15 снежня 1939 года).

«...Паколькi фронт быў прарваны ў бок Заверця, то бежанцы ў сваiх бадзяннях вельмi хутка наткнулiся на немцаў. Немцы вярталi iх назад. У Бендзiне падпалiлi сiнагогу, у якой было поўна яўрэяў. Калi хто-небудзь выбягаў з агню, у яго стралялi з кулямета...

Мястэчка Шчэкачына, у якiм вялiкi працэнт жыхароў складаюць яўрэi, немцы спалiлi, пакiнуўшы ўсяго некалькi дамоў, дзе жыли палякi...

Калi ў чэргах за харчаваннем разам з палякамi стаялi яўрэi, iх выкiдвалi з чэргi i бiлi прыкладамi вiнтовак, а ў многiх выпадках у iх стралялi. Па ўсей краiне яўрэi павiнны бесплатна працаваць...» (Лiст Янiны Яворскай ад 13 снежня 1939 года).

Дзесяткi i сотнi тысяч польскiх яўрэяў паспрабавалi знайсцi ратунак у Савецкiм Саюзе. Колькi iх было — польскiх яўрэяў-бежанцаў? Якiм было iх становiшча ў СССР у цэлым i ў Беларусi ў прыватнасцi?

На думку амерыканскага даследчыка С.Шварца, колькасць бежанцаў-яўрэяў з Заходняй Польшчы ва Усходнюю, а затым на тэрыторыю СССР складала ад 300 000 да 500 000 чалавек [6].

Iзраiльскi гiсторык I.Арад адзначае:

«...1 мiльен 300 тысяч польскiх яўрэяў засталiся на тэрыторыi, далучанай да СССР. Каля 200 тысяч беглi ад немцаў у зону, якая была анексiравана Савецким Саюзам» [7].

У кнiзе Дм.Валкагонава «Трыумф i трагедыя» (Кн.2.М.,1990. С.37-38) есць такiя радкi:

«Працуючы ў архiве Молатава, я сустрэў такi дакумент, якi падрыхтаваў для Берыi намеснiк наркама ўнутраных спраў Чэрнышаў. У дакуменце, падрыхтаваным для даклада Сталiну, гаворыцца: «У перыяд з 1939 года па чэрвень 1941 года на тэрыторыю Савецкага Саюза прыбыло былых польскiх грамадзян 494 310 чалавек.

З гэтай колькасцi ў гэты ж перыяд перададзена немцам былых ваеннапалонных 42 492 чал.

Вызвалена i адпраўлена ў УССР i БССР 42 400 чал.».

У восьмым томе «Кароткай Яўрэйскай Энцыклапедыi» (Iерусалiм, 1996. С.211) у матэрыяле аб яўрэйскiх бежанцах з Польшчы адзначаецца:

«На далучаных да СССР тэрыторыях восенню 1939 года аказалася каля 300 тыс. бежанцаў з Заходняй Польшчы».

Згодна з дакладной запiскай народнага камiсара ўнутраных спраў БССР Л.Цанавы першаму сакратару ЦК КП(б)Б П.Панамарэнку па стану на 5 лютага 1940 года ў Беларусi налiчвалася 72 996 бежанцаў, з якiх яўрэi складалi 65 796 чалавек [8].

Беларускiя даследчыкi А.Хацкевiч, К.Козак i iншыя называюць лiчбы ў 100-110 тысяч бежанцаў з Польшчы на тэрыторыi БССР. На самой справе, можна меркаваць, што не ўсе бежанцы рэгiстравалiся, iх колькасць была значна большай, чым паведамляецца ў дакладной запiсцы Л.Цанавы.

Сацыяльны склад бежанцаў быў даволi стракаты — рабочыя, служачыя, фабрыканты, купцы, настаўнiкi, прадстаўнiкi творчай iнтэлiгенцыi, студэнты i гiмназiсты. З 72 996 бежанцаў было працаўладкавана 25 621 чалавек, або трохi больш, чым адна трэць.

Немагчымасць для тысяч бежанцаў знайсцi ў новых умовах работу, а таксама дрэнная арганiзацыя працы i вельмi нiзкая яе аплата былi аднымi з галоўных прычын рашэння многiх з iх вярнуцца ў акупiраваную нацыстамi Польшчу. Такое — часам адчайнае — рашэнне прымалi не толькi дэкласiраваныя асобы з лiку былых гандляроў i рамеснiкаў, але i некаторыя польскiя камунiсты i iншыя бежанцы, якiя страцiлi ўсякую надзею выжыць ва ўмовах савецкага ладу. Раптоўная дэвальвацыя польскага злотага ў снежнi 1939 года, а затым поўнае зняцце з абароту польскай валюты паслужылi яшчэ адным штуршком да гэтага трагiчнага вяртання. Многiя бежанцы проста аказалiся без усякiх сродкаў iснавання. Iншыя бежанцы баялiся аказацца назаўседы адрэзанымi ад сваiх сямей, якiя засталiся ў Заходняй Польшчы. Становiшча яшчэ больш абвастрылася, калi ў канцы 1939 года яўрэйскiя бежанцы былi пастаўлены перад выбарам — прыняць савецкае грамадзянства або вярнуцца на старыя месцы пражывання.

29 лiстапада 1939 года ўсе асобы, якiя пражывалi на далучаных да СССР тэрыторыях у момант афiцыйнага уключэння Заходняй Украiны i Заходняй Беларусi (1 — 2 лiстапада 1939 года) у склад СССР, былi абъяўлены савецкiмi грамадзянамi.

Бежанцы таксама маглi стаць савецкiмi грамадзянамi, хоць i з абмежаваннем месца пражывання i свабоды перамяшчэння. Для рэгiстрацыi бежанцаў былi створаны спецыяльныя камiсii НКУС (красавiк — май 1940 года). Большасць бежанцаў заявiла аб жаданнi вярнуцца дадому. Некаторыя з iх спрабавалi зарэгiстравацца ў адпаведных германскiх камiсiях, якiя, аднак, адмаўлялiся рэгiстраваць яўрэяў.

Савецкiя ўлады дабiвалiся ад яўрэйскiх бежанцаў прыняцця савецкага грамадзянства, што выклiкала ў большасцi бежанцаў трывогу за сваю будучыню, таму што гэта б азначала канец надзеям на вяртанне ў родныя месцы, дзе ў многiх засталiся сем`i, або на эмiграцыю у ЗША i Палесцiну.

Многiя бежанцы, асаблiва не ўладкаваныя на працу, расчараваныя савецкай рэчаiснасцю i напалоханыя масавымi рэпрэсiямi, выказалi жаданне выехаць у Германiю. Аднак немцы адмовiлiся iх прыняць. толькi некаторым з яўрэйскiх бежанцаў удалося перайсцi гранiцу, а частцы — эмiгрыраваць у Палесцiну.

Бежанцы, якiя адмовiлiся ад прыняцця савецкага грамадзянства (па некаторым весткам, iх лiк у СССР дасягаў 25 тысяч) чакалi рэпрэсiй з боку савецкiх улад. Iх высылалi ў аддаленыя лагеры або на пасяленне ў Комi АССР, Казахстан i Сiбiр.

Падазрэнне ў савецкiх улад выклiкалi нават бежанцы, якiя прынялi савецкае грамадзянства. Яны атрымлiвалi пашпарты з спецыяльнымi меткамi, якiя не дазвалялi iм пражываць у вяликiх гарадах або каля гранiцы. Сталiн личыў бежанцаў элементамi «буржуазнага паходжання» з сувязямi з загранiцай i, ва ўсякiм разе, ненадзейнымi. Вельмi хутка пачалiся арышты бежанцаў i iх дэпартацыя ў лагеры i месцы ссылкi.

Наогул, калi вывучаць гiстарычныя падзеi абъектыўна, сiстэма рэпрэсiй пачала функцыянаваць з першых жа дзен устанаўлення Савецкай улады ў Заходняй Украiне i Заходняй Беларусi. Ахвярамi тэрора сталi прадстаўнiкi розных слаеў насельнiцтва, людзi розных нацыянальнасцяў.

А кiраўнiк НКУС БССР Лаўрэнцiй Цанава вышукваў новых ворагаў. У яго дакладной запiсцы на iмя першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкi гаварылася:

«Сярод бежанцаў маецца значная колькасць контррэвалюцыйнага элемента, якi праводзiць контррэвалюцыйную дзейнасць, арганiзуе пераправачныя пункты бежанцаў у Германiю, арганiзуе нелегальную перапраўку карэспандэнцыi ў Германiю, займаецца контрабанднай дзейнасцю, спекуляцыяй, распаўсюджвае ўсемагчымыя правакацыйныя чуткi. Так, напрыклад, работнiк Белкiномантажа бежанец Венскi, якi спазнiўся на 3 хвiлiны на працу, на заўвагу таварышаў па рабоце, што ў СССР спазняцца на працу не дазваляецца, заявiў, што ен працаваў у Варшаве, спазняўся на працу на 20-30 хвiлiн, гаспадар нiколi яго за гэта не караў i, звярнуўшыся да свайго таварыша Шылавiцкага (бежанец) на яўрэйскай мове сказаў: «Тут не сацыялiзм, а фашызм, трэба цалаваць камень у Вiльна, у СССР адзенне купiць нельга, есьцi няма чаго».

У размове з сакратаром партарганiзацыi кiнафiкацыi тав. Мiллерам, Венскi заявiў:

«Карл Маркс, гаворачы аб сацыялiзме i камунiзме, не меркаваў такога ладу, якi мы маем у СССР. У нас не сацыялiзм i не камунiзм. У СССР не хапае людзей таму, што няма арганiзацыi працы i людзi не ўмеюць працаваць, не хапае цукру i масла таму, што iх наогул няма. Масква —горад дрэнны i брудны, а Варшава чысты i вялiкi культурны цэнтр...».

Па справе Венскага iдзе негалоснае следства, пасля чаго Венскi будзе арыштаваны».

Дакладная запiска Л.Цанавы ад 7 лютага 1940 года заканчваецца наступнымi словамi:

«У мэтах лiквiдацыi контррэвалюцыйнай дзейнасцi, якая праводзiлася антысавецкiм элементам з асяроддзя бежанцаў, органамi НКУС БССР арыштавана ў Беларусi 204 чалавекi дэзарганiзатараў, сабатажнiкаў, якiя зрывалi работу на вытворчасцi i вялi контррэвалюцыйную разлажэнчаскую работу сярод бежанцаў. Выяўленне i арышт дэзарганiзатараў, сабатажнiкаў i iншага контррэвалюцыйнага элементу сярод бежанцаў працягваецца» [9].

У першыя месяцы пасля 17 верасня 1939 года лiк дэпартаваных быў адносна невялiкi. Савецкiя ўлады разам з дэпартацыяй праводзiлi вярбоўку бежанцаў на працу ў розныя рэгiены СССР. Завярбованых адсылалi вялiкiмi партыямi ў асноўным у Данбас, дзе ўмовы працы i побыту былi вельмi цяжкiмi. Нездаволеныя бежанцы патрабавалi вяртання ў заходнiя раены або вярталiся туды без дазволу. Аднак пераход савецкiх улад да масавай дэпартацыi бежанцаў быў звязаны з агульнай палiтыкай шырокага выкарыстання дэпартацый, якая пачала праводзiцца ў далучаных да СССР абласцях у пачатку 1940 года.

З 10 лютага 1940 года па 19 — 20 чэрвеня 1941 года органамi НКУС БССР былi праведзены чатыры дэпартацыi жыхароў Заходняй Беларусi ў аддаленыя раены СССР. У лiк дэпартаваных трапiлi тысячы яўрэйскiх бежанцаў з Польшчы.

У красавiку 1940 года былi дэпартаваны многiя яўрэi, якiя былi звязаны з Бундам, сiянiсцкiмi арганiзацыямi, рэлiгiйным жыццем i «буржуазным» родам заняткаў.

Дакументы пасольства Рэспублiкi Польшча ў ЗША за 1943 год сведчаць, што толькi на працягу трэцяй акцыi па дэпартацыi ў чэрвенi 1940 года з Заходняй Беларусi былi вывезены тысячы прадстаўнiкоў творчай iнтэлiгенцыi, настаўнiкаў, гарадскiх служачых. Так, з Беластока, Лiды, Гродна i Вiльнi было дэпартавана 300 тысяч чалавек, з Палесся i Навагрудка — 200 тысяч чалавек.

Апошнi эшалон з дэпартаванымi выехаў з горада Пiнска 22 чэрвеня 1941 года ў 8 гадзiн ранiцы. У iм знаходзiлася шмат сем`яў яўрэйскiх бежанцаў з Польшчы.

Ужо ў гады акупацыi немцамi былi складзены паiменныя спiсы рэпрэсiраваных i высланых жыхароў Пiнска. Па гэтым дадзеным з горада на працягу 1940-1941 гадоў была вывезена з горада ў Архангельскую, Кiраўскую, Куйбышаўскую, Мурманскую, Навасiбiрскую, Свярдлоўскую, Самарскую вобласцi Расii, а таксама Акмолiнскую вобласць Казахстана, Мардоўскую i Комi АССР 1206 чалавек хрысцiян (як адзначана ў дакументах).

Дэпартаваныя з Пiнска яўрэi папалi ў асобны спiс, згодна якому з горада былi вывезены 383 яўрэйскiя сям`i (883 чалавека) [10].

З агульнай колькасцi дэпартаваных з Лiтвы, Украiны i Беларусi 217 тысяч складалi ўкраiнцы, 91 тысячу — беларусы, 83 тысячы — яўрэi, 20 тысяч — рускiя i лiтоўцы.

Яўрэйскiя палiтычныя арганiзацыi (бундаўскiя i сiянiсцкiя) на далучаных у 1939-1940 гадах тэрыторыях былi забаронены. Iх кiраўнiкоў высочвалi органы бяспекi, судзiлi i высылалi.

Сярод яўрэйскiх бежанцаў з Польшчы былi людзi, iмены якiх вядомы сення далека за межамi Беларусi. Гэта прэмъер-мiнiстр Дзяржавы Iзраiль, лаурэат Нобелеўскай прэмii мiру Менахем Бегiн, арыгiнальны артыст эстрады, якi валодаў тэлепатычнымi здольнасцямi, заслужаны артыст РСФСР Вольф Месiнг, джазавы трубач, кампазiтар, дырыжор, заслужаны артыст БССР Эдi Рознер, беларускi кампазiтар i педагог, заслужаны дзеяч мастацтващ Беларусi, народны артыст Беларусi Генрых Вагнер, беларускi кампазiтар, дырыжор, пiянiст Юрый Бяльзацкi.

Ураджэнец Брэста М.Бегiн у 1938 годзе ўзначальваў маладзежную арганiзацыю Бейтар у Польшчы. У 1939 годзе ен збег у Вiльню, дзе быў арыштаваны савецкiмi ўладамi i асуджаны да васьмi год папраўча-працоўных лагераў. Аб гэтым М.Бегiн напiсаў у аўтабiяграфiчнай кнiзе «Белыя ночы», якая выйшла на англiйскай мове ў 1957 годзе:

«Многiя мiльены палякаў шасцi або сямi пакаленняў былi грамадзянамi Расii. Але iх гiстарычны вопыт не ўваходзiў нi ў якое параўнанне з тымi жудаснымi акцыямi, якiя здзяйснялi савецкiя ўлады. Каля 1,5 мiльена чалавек на занятых усходнiх раенах Польшчы былi дэпартаваны ў Расiю. Гэта былi не тольки палякi, але i польскiя яўрэi i часткова непажаданыя ўладам украiнцы. Асаблiвым праследванням падвяргалiся палiтычна актыўныя дзеячы незалежна ад iх партыйнай прыналежнасцi».

Савецкi ўрад i Сталiн замоўчвалi факты генацыду яўрэйскага насельнiцтва на тэрыторыi Польшчы, занятай нацыстамi. Гэта замоўчванне прывяло да таго, што большасць яўрэяў у СССР дрэнна ўяўляла сабе небяспеку, якая пагражала iм з боку нацысцкай Германii. Калi б аб гэтым паведамлялася ў сродках масавай iнфармацыi СССР, то былi б выратаваны сотнi тысяч савецкiх яўрэяў. Польскiя яўрэi-бежанцы, як i беларускiя яўрэi маглi б эвакуiравацца i выратавацца, але пераважная большасць з iх засталася на месцы i загiнула. Па дадзеным аўтара гэтых радкоў, на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь (у сучасных гранiцах) ахвярамi Халакоста сталi 805 тысяч яўрэяў, у тым лiку каля 90 тысяч яўрэяў з сямi краiн Заходняй, Усходняй i Цэнтральнай Еўропы.

У сакрэтным дакладзе з акупаванай нацыстамi Беларусi, напiсаным адным зондэрфюрэрам СС прадстаўнiку iмперскага мiнiстэрства ўсходнiх тэрыторый пры Вярхоўным камандаваннi армii гаварылася:

«...Дзiўна, як дрэнна яўрэi iнфармаваны аб нашых да iх адносiнах i аб тым, як мы абыходзiмся з яўрэямi ў Германii i ў не так ужо далекай Варшаве. Калi б не было гэтага, было б немагчымым пытанне, цi праводзiм мы ў Германii рознiцу памiж яўрэямi i iншымi грамадзянамi. Калi б яны i не чакалi, што пры нямецкiм кiраваннi яны будуць карыстацца такiмi ж правамi, што i рускiя, яны ўсе ж думалi, што мы пакiнем iх у спакоi, калi яны будуць прылежна працаваць» [11].

Амаль усе яўрэйскiя бежанцы з Польшчы, якiя засталiся ў акупаванай нацыстамi Беларусi, загiнулi. Выжылi толькi тыя, хто паспеў эвакуiравацца, а таксама частка вязняў ГУЛАГА.

Усяго з анексiраваных СССР тэрыторый Бесарабii, Паўночнай Букавiны, Лiтвы, Латвii, Эстонii i Усходняй Польшчы (Заходняй Украiны i Заходняй Беларусi) было дэпартавана каля 275 тысяч яўрэяў. Па iронii лесу менавiта гэтыя ахвяры сталiнскай палiтыкi не сталi ахвярамi нацысцкага генацыду яўрэяў Усходняй Еуропы у гады Халакоста.

Без праўдзiвага ўзнаўлення гiсторыi яўрэйскiх бежанцаў з Польшчы на тэрыторыi Беларусi ў 1939-1941 гг. немагчыма ўзнавiць абъектыўную гiсторыю Польшчы i Беларусi гэтага перыяду. Дадзеная праблема патрабуе далейшага даследавання.

ЛИТЕРАТУРА:

1. Краткая Еврейская Энциклопедия. Т.8. Иерусалим. 1996.С.210.

2. Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь (далей — НА РБ). Ф.4. Воп.3. Спр.809. Арк.82-83

3. Дзяржаўны архiў Расiйскай Федэрацыi (далей — ДА РФ). Ф.500. Воп.3. Спр.249. Арк.173.

4. Тамсама. Арк. 95-100.

5. А р а д И. Холокаст. Катастрофа европейского еврейства. Иерусалим. 1990. С.19.

6. Ш в а р ц С. Евреи в СССР с начала Второй мировой войны (1939-1965). Нью-Йорк. 1966. С.25.

7. А р а д И. Холокаст. Катастрофа европейского еврейства. Иерусалим. 1990. С.18.

8. НА РБ. Ф.4. Спр. 2075. Арк. 275.

9. Тамсама. Арк.296.

10. Р о з е н б л а т Е., Е л е н с к а я И. Пинские евреи. 1939-1944. Брест. 1997. С.52.

11. Ш в а р ц С. Евреи в СССР с начала Второй мировой войны (1939-1965). Нью-Йорк. 1966. С.13.

© 2007 Homo Liber